У многіх краінах свету ў другую пятніцу кастрычніка адзначаюць Сусветны дзень яйка — свята ўсіх аматараў яек, амлетаў, запяканак і яечні. І нічога дзіўнага ў гэтым няма: яйкі — самы ўніверсальны прадукт харчавання, яны папулярныя ў кулінарыі ўсіх краін і культур у многім дзякуючы таму, што іх ужыванне можа быць самым разнастайным.

помнік… яйку

Да святкавання Дня яйка далучылася і ААТ «Аранчыцкая птушкафабрыка», калектыў якой на сённяшні дзень можа пахваліцца не толькі неблагімі паказчыкамі, але і заснаваннем шэрагу традыцый.

— Што тычыцца вытворчых дасягенняў, сярод апошніх — увядзенне ў эксплуатацыю новага яйкасклада, дзякуючы чаму паменшыўся бой прадукцыі і палепшыліся якасці сартавання, мадэрнізацыя птушніка, пасля якой пагалоўе павялічылася на 17 тысяч курэй, пашырэнне геаграфіі збыту, якая выйшла нават за межы краіны, — расказала дырэктар фабрыкі Т.В.Дыбуль.

А найбольш цікавыя традыцыі пачалі нараджацца летась, калі мясцовы майстар М.А.Брадніцкі зрабіў помнік… яйку. Таму і невыпадкова лагічным працягам сёлета стала адзначэнне новага для нас свята.

Мерапрыемства, якое ладзілася пад адкрытым небам, падрыхтавалі работнікі і самадзейныя артысты Аранчыцкага Дома фальклору. Тое, што свята мае права на існаванне ў гэтым калектыве, пацвердзіла і госця свята — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А.Х.Лапыка.

Між іншым, у розных краінах Сусветны дзень яйка адзначаюць па-рознаму: амерыканцы выказваюць сваю павагу гэтаму прадукту, праводзячы штогод дні гіганцкага амлету, у Аўстрыі запускаюць паветраныя шары з адпаведнымі надпісамі, у Венгрыі праходзяць кулінарныя фестывалі…

А ў Аранчыцах вырашылі правесці конкурсную праграму, падчас якой каманды, на якія падзяліўся калектыў фабрыкі, спабор-нічалі ў кулінарным майстэрстве. Жанчынам давялося праявіць фантазію: вочы разбягаліся ад разнастайных прыгожа аформленых страў — яечных тортаў, салатаў, грыбочкаў і многага іншага, смак якіх нічым не саступаў знешняму выгляду. Конкурсы прайшлі яшчэ і на лепшую прыпеўку, песню і оду яйку.

Безумоўна, увесь калектыў атрымаў добрую порцыю пазітыву.

Марына Вакульская, Аляксандр Мелеш (фота).